РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ ЁМІСТАСЦЬ,
мера здольнасці рэкрэацыйнай тэрыторыі забяспечваць неабходныя ўмовы для адпачынку пэўнай колькасці людзей без прычынення шкоды прыроднаму асяроддзю. Разлік Р.ё. праводзяць пры планаванні і арганізацыі зон адпачынку, што дазваляе прагназіраваць і прадухіляць негатыўныя змены ў прыродных комплексах. Перавышэнне паказчыкаў Р.ё. звыш гранічна дапушчальнай рэкрэацыйнай нагрузкі вядзе да пагаршэння ўмоў адпачынку і развіцця дыгрэсіі.
П.І.Лабанок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)